В Докшицах открылась выставка, приуроченная к 120-летию профсоюзного движения Беларуси

У фае Докшыцкага ГЦК адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Нашы дасягненні”, прысвечанай 120-годдзю прафсаюзнага руху. Яе ініцыятарам выступіла раённае аб’яднанне прафсаюзаў.

На выставе прадстаўлены экспанаты, якія адлюстроўваюць розныя аспекты дзейнасці прафсаюзнай арганізацыі, прафсаюзных лідараў, ветэранаў працы і перадавікоў народнай гаспадаркі за апошнія 10 гадоў.

– Юбілейная дата прафсаюзнага руху Беларусі гаворыць пра тое, што арганізацыя запатрабаваная і патрэбная кожнаму працаўніку, – у прывітальным слове адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч. – Прафсаюз заваяваў цвёрдыя лідзіруючыя пазіцыі дзякуючы таму, што ва ўсіх яго дзеяннях на першым месцы заўсёды стаіць чалавек са сваімі патрэбамі і праблемамі. Нам ёсць на каго раўняцца, да каго звярнуцца. Хочацца пажадаць актывістам руху быць ініцыятыўнымі, працаваць на дабрабыт грамадзян і атрымліваць задавальненне ад сваёй дзейнасці.

За садзейнічанне ў многіх пытаннях падзякавала прафактыву старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ядвіга Шульгат.

У рамках мерапрыемства таксама былі прадстаўлены работы ўдзельнікаў фотаконкурсу “У аб’ектыве – прафсаюз”, вынікі якога будуць падведзены на ўрачыстасці ў гонар 120-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі, якая адбудзецца ў фае ГЦК у панядзелак, 29 красавіка, у 15.00.

А якое ж свята без песень? Музычныя падарункі прагучалі ў выкананні салістаў народнай эстраднай студыі “Калейдаскоп” Андрэя Воранава і Вятланы Гарбачовай.