Меткім стралкам – падарункі ад прафсаюза

У сёлетнім турыстычным злёце моладзі ўдзельнічала 16 каманд з 23 прадпрыемстваў і арганізацый раёна, а таксама Крулеўшчынскага сельсавета. Залаты кубак спаборніцтва атрымалі мінулагоднія пераможцы – каманда РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. На другім месцы зборная СШ № 1 г. Докшыцы і РАУС, якія ў гэтым годзе аб’ядналіся ў каманду “Азімут”. Літаральна на адзін бал у турнірнай табліцы ад іх адсталі турысты з Крулеўшчынскага сельсавета.

На адкрыцці мерапрыемства ўсіх вітаў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Карчэўскі, які пажадаў удзельнікам не толькі перамогі, але і выдатнага адпачынку.
На працягу трох дзён спартсмены-аматары спаборнічалі ў розных выпрабаваннях. Так, пераможцам у праходжанні кантрольна-турыстычнага маршруту стаў Крулеўшчынскі сельсавет, на другім і трэцім месцах – зборныя “Цэнтр бяспекі” (Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і РАНС) і “Dream Team” (РЭС, УЭС, РГЗ і торфапрадпрыемства) адпаведна. Горна-пешаходную тэхніку лепш прадэманстравала каманда РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, таксама ў тройцы лідараў Крулеўшчынскі сельсавет і “Dream Team”. У паласе перашкод перамаглі спартсмены з “Азімута”, прызавыя месцы і ў “Dream Team”, а таксама РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. У трыятлоне сёлета два чэмпіёны – “Азімут” і РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, трэцяе месца ў крулеўшчынскіх турыстаў. У перацягванні каната ў тройку прызёраў трапілі камунгасаўцы, зборная ТЦСАН і райаддзела Дэпартамента аховы, “Dream Team”.
У музычным конкурсе першае месца ў “Азімута”, на другім і трэцім – камунгасаўцы і “Крынічка” (зборная райвыканкама). У конкурсе газет адзначаны РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, “Азімут”, аддзел па адукацыі і “Цэнтр бяспекі”. У конкурсе паходных страў, а таксама ў арганізацыі быту перамаглі зноў жа камунгасаўцы. У прызёрах гэтых двух выпрабаванняў каманда Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната, зборная ТЦСАН і райаддзела Дэпартамента аховы, а таксама Бягомльскія СШ і яслі-сад, Крулеўшчынскі сельсавет.
У першынстве турыстычнага злёту па валейболе на прызы раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” чэмпіёнамі сталі валейбалісты з Крулеўшчынскага сельсавета. У асабістых спаборніцтвах у стрэлах з пнеўматычнай вінтоўкі на прызы раённага аб’яднання прафсаюзаў самымі меткімі сталі Арцём Пруднік, Вольга Гадулевіч і Іван Грышкевіч, у дартсе – Сяргей Голубеў, Яўген Мацкевіч і Вікторыя Піменава.